Асіміляцыя беларусаў Беласточчыны


Яўген МІРАНОВІЧ

Студзеньскі „Przegląd Prawosławny” апублікаваў нацыянальны склад насельніцтва некаторых гмін краіны на аснове перапісу ад 2002 года.
Асабліва цікава выглядае нацыянальная структура гмін і паветаў Падляшскага ваяводства, калі параўноўваць вынікі апошняга перапісу з адпаведнымі данымі сабранымі дзяржаўнай адміністрацыяй у 1945-1946 гадах. Параўнанне такое дае магчымасць пабачыць працэс асіміляцыі праваслаўнага насельніцтва ў паасобных раёнах Беласточчыны.
Месцам, дзе праваслаўныя сяляне найхутчэй пераўтвараліся ў палякаў быў горад Беласток. Тут пасля вайны траплялі хвалі выхадцаў з беларускіх вёсак. Сёння ў горадзе пражывае каля 40-50 тысяч праваслаўных. Некалькі тысяч памяняла веравызнанне. Тут таксама трапіла пару дзесяткаў тысяч беларускамоўных католікаў з Сакольскага і Беластоцкага паветаў. У 2002 годзе беларускую нацыянальнасць дэкларавала толькі 7,5 тысячы
жыхароў горада. Гэта не нашмат больш чым у Гайнаўцы (6 тыс.) ці Бельску (5,6 тыс.). У Беластоку каля 80 працэнтаў праваслаўных назвала сябе палякамі.

Найгорш у гміне Міхалова

Паланізацыя праводзілася таксама хутка ў некаторых вясковых гмінах, асабліва Беластоцкага, Сакольскага і Сямятыцкага паветаў. Найхутчэй у гміне Міхалова Беластоцкага павета, дзе ў 1945 годзе пражывала 70 працэнтаў праваслаўных. У 2002 г. толькі 14 працэнтаў жыхароў гміны дэкларавала беларускую нацыянальнасць. У суседняй гміне Гарадок, дзе праваслаўныя складалі і складаюць звыш 80 працэнтаў насельніцтва,
падчас перапісу 23 працэнты назвалі сябе беларусамі. Астатнія сталі палякамі. Не здзіўляе пры тым асіміляцыя праваслаўнага насельніцтва Супрасльскай, ці Васількоўскай гмін, дзе беларусамі назвала сябе адпаведна 3,2 і 0,5 працэнта насельніцтва. Там аднак пражываюць яны ў акружэнні найчасцей беларускамоўных католікаў, але фанатычных змагароў за польскасць сучасных усходніх крэсаў.
У гмінах Крынкі і Шудзялава Сакольскага павета, дзе ў 1949 г. праваслаўныя складалі палову насельніцтва, падчас апошняга перапісу беларускую нацыянальнасць дэкларавала адпаведна 3,2 і 4,9 працэнта. У гмінах Саколка, Новы Двор, Бабікі, Дуброва, Сідра, Залессе ў 1949 г. пражывала ў кожнай каля 15 працэнтаў беларусаў. Сёння ў тых мясцовасцях беларусамі лічыць сябе ў сярэднім 0,5 працэнта насельніцтва.

На поўдні ваяводства


У падобных тэмпах наступала таксама асіміляцыя насельніцтва на поўдні ваяводства, на тэрыторыі Сямятыцкага павета, асабліва ў гмінах Сямятычы, Мельнік, Гродзіск, дзе адсотак беларусаў аказаўся амаль у 10 разоў меншы за адсотак вернікаў праваслаўнага веравызнання. Тут паланізацыя менш здзіўляе чым на поўначы ваяводства, таму што ў некаторых вёсках мясцовыя праваслаўныя здаўна карыстаюцца польскай мовай.

Апошнімі гадамі дзяржаўная прапаганда пераконвала іх, што з’яўляюцца яны ўкраінцамі. Украінцамі не сталі, але людзі маглі разгубіцца.


У найлепшым стане беларускасць захавалася на тэрыторыі Гайнаўскага і Бельскага паветаў. У гмінах Дубічы-Царкоўныя і Чыжы адсотак беларусаў няшмат паменшыўся ад пасляваеннага перыяду. Звыш 80 працэнтаў насельніцтва ў 2002 г. назвала там сябе беларусамі.
Выключэннем на Гайнаўшчыне з’яўляецца Белавежа, дзе толькі 11 працэнтаў жыхароў дэкларавала беларускую нацыянальнасць. Гэта ў 5 разоў менш чым пражываючых на тэрыторыі гміны праваслаўных. Відаць там надта выразны ўплыў асаднікаў на фарміраванне свядомасці мясцовага насельніцтва.
Беларуская праблема не стане толькі фрагментам лакальнай гісторыі. З аналізу даных перапісу вынікае, што беларускую свядомасць захавалі жыхары тых мясцовасцей, дзе ператрывалі школы, у якіх прынамсі
вывучалася беларуская мова. Радыё, тэлебачанне, прэса ці праявы культурна-фальклорнай дзейнасці мелі другараднае значэнне ў працэсе фарміравання свядомасці праваслаўнага насельніцтва. Праўдападобна ведалі пра гэта ўладары краіны і ваяводства і таму так паслядоўна праводзілі палітыку маргіналізацыі беларускай асветы.
Нягледзячы на неспрыяльныя ўмовы 48,7 тысяч грамадзян Польшчы назвала сябе беларусамі. Гэта вынік даволі аптымістычны, які абнадзейвае, што так хутка беларуская праблема не стане толькі фрагментам лакальнай гісторыі. Паланізацыя ахапіла людзей, якія за цану кар’еры ці ў надзеі на пачуццё асабістай бяспекі адракліся спадчыны сваіх продкаў. Такая ёсць цана існавання нацыянальнай меншасці ва ўмовах непрыхільнай да яе
большасці.

НІВА 2004