Украінства ў Беластоцкім краі: ілюзіі за грошы

Arche Minsk 2001 r
Сакрат Яновіч

Казаць пра нарадзіны ўкраінскага руху ў Беластоцкім краі можна толькі ўмоўна. У грамадзкім значэньні ён нават і не маргінальны; зводзіцца да групы фальклярыстаў ды аматараў украінскае мовы і літаратуры. Адсутнічае ў ім ідэя лёсу гэтай зямлі, канцэпцыя яе разьвіцьця, што і прадрашае аб ягоным вяскова-самадзейным характары.
Называюць яны сябе ўкраінцамі паўночнага Падляшша, г. зн. ад разлогаў Бугу да Нарвы і Нараўкі (апошняя мяжа Вялікага Княства Літоўскага). У сваім сялянскім думаньні ня выйшлі на ўзровень нацыянальнага, хоць і прапагандуюць украінскую сьвядомасьць. Гэты парадокс тлумачыцца ня столькі іх невысокай інтэлектуальнасьцю, колькі аддаленай экзатычнасьцю самое Ўкраіны. Калі вось Беларусь знаходзіцца поруч, і яе праблемы маюць сувязь з тутэйшымі. У будучым спомненая ідэя таксама немагчымая ва ўкраінскім варыянце. Даволі глянуць на мапы, каб зразумець, чаму.
Паўночнае Падляшша ня мае адміністрацыйна-палітычнага сутыку з украінскай дзяржаваю. Уяўляе сабою анкляў, адрэзаны тэрыторыямі Рэспублікі Беларусі і Рэспублікі Польшчы. Гэта востраў. А тое, што ў тым заходнепалескім анкляве між Бугам і Нарваю маем дачыненьне зь пераходнымі дыялектамі ад украінска-беларускіх да беларуска-ўкраінскіх, ёсьць чымсьці зусім другарадным. Звычайны этнічны працяг
Берасьцейшчыны.
Мала што з Украіны да нас сюды даходзіць. На гэтым прыбеларускім востраве наглядаецца дзяціная спроба пашырэньня ўкраінства на падставе моўнага прынцыпу. Прычым ва ўмовах адсутнасьці якіх-колечы істотных традыцыяў у тым накірунку, неяк жывых у людзкай памяці (цалкам дамінуюць беларускія гістарычныя знакі тыпу Грамады або КПЗБ).
Моцны ўкраінскі рух на даваенных заходніх рубяжах не выходзіў за Холмшчыну, натыкаючыся на даўно палянізаваную паласу паўднёвага Падляшша, што за Бугам ад нас. Пры нагодзе: з тых жа вакольляў, з уніяцкай некалі Корніцы выводзіўся Мікола Янчук, адзін зь першых прафэсараў Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту. З Такароў — Усевалад Ігнатоўскі, адзін з найпершых будаўнікоў беларускай дзяржаўнасьці як
нацыянал-камуніст, затым аніматар беларускай Акадэміі навук (пакончыў самагубствам у сталінскі тэрор). Мясцовыя беларускія карані сягаюць углыб, у злом ХVIII і XIX стагодзьдзяў, да постаці Міхала Баброўскага з забускай Волькі (Выганоўскай?) як аднаго з заснавальнікаў ідэі беларускага народу і канцэпцыі Вялікага Княства Літоўскага беларускага народу, якой пацікавіўся быў імпэратар Аляксандар І.
Гаворка пра ўсё тое не таму, каб камусьці надакучыць. Добры тут момант, каб паўтарыць вядомую ісьціну, што нацыя ўзьнікае ня ў выніку якойсьці характэрнае рысы, але цэлага комплексу ўмоў. Агульна кажучы: у выніку асобнага, значыць і спэцыфічнага лёсу. Прыкладаў на такую акалічнасьць процьма — чатырохмоўныя швайцарцы, адзінамоўныя сэрбы, харваты і чарнагорцы, дзьвюхмоўныя бэльгійцы; пакідаючы па-за
ўвагаю абедзьве Амэрыкі etc.
“Нашы ўкраінцы” любяць паказваць “карту белорусского племени”, апрацаваную некалі Яўхімам Карскім, паводле якой “малороссийское наречие” фактычна даходзіць да падбеластоцкай лініі рэчкі Нарва. Няхай і так будзе, бо гэта без аніякага грамадзка-палітычнага значэньня. Так сказаць: беларусам украінскай мовы ні трохі не перашкаджае тое пасылаць свае дзеці на ўрокі беларускае мовы, чытаць беларускія друкі, змагацца
за беларускія — а не ўкраінскія — нацыянальныя інтарэсы; інтэлігентныя асобы карыстаюцца культурнай беларускай моваю. І чуць ня хочуць, што яны патэнцыйныя ўкраінцы. Да Беларусі ж — рукою падаць, а дзе тая Ўкраіна!
Зрэшты, украінства ў Беластоцкім краі інсьпіравана прафэсарамі-ўкраінцамі ў Люблінскім і Кракаўскім унівэрсытэтах, да якіх трапілі адгэтуль некаторыя студэнты-філёлягі. Чалавек дзесяць. Ніхто іх за гэта не прыбіраецца душыць, вольнаму воля, шалёнаму поле… Калі б так здарылася векам раней, у росквіт аграрнай цывілізацыі шматлюднай вёскі, дык, магчыма, мелі б мы сёньнячы ўкраінскую народную тэрыторыю між тымі Бугам і Нарваю. Селянін заўсёды жыў аўтаномна і ніколі не пачуваўся да цеснай еднасьці з афіцыёзам; гэта ён этнас, ня горад-места. Яшчэ ад Бабілёну горад не іначай як касмапалітычны. У Беластоку: а будзь ты сабе кім хочаш, нікога ты завельмі не цікавіш, хлеб здабываць і так мус& Цяперашнім часам іншы сьвет, цывілізацыю хлява і поля зьмяніла цывілізацыя супэртэхналёгіі і лесу. Вёска пайшла ў места, зямля перастала быць сьвятасьцяй. Усё тавар, усюды грошы. Не мэтафізыка, а бездухоўная вытворчасьць, прадукцыя. Не сакральная натруджанасьць, але інтэнсіўная праца і адпачынак. Жніўныя сьпевы на камбайне пагражалі б катастрофаю. Лірычны казак ужо не рамантычны малайчына, але бандыт, рабаўнік, гультай з шабляю, гвалтаўнік чужых бабаў.
Прынцыповае пытаньне: каго гэтыя “нашы ўкраінцы” намераны парабіць украінцамі? Сельскіх старых у міжгароднім бязьлюдзьдзі?
Вясковы настаўнік — стагодзьдзем раней “сельский учитель” — адышоў у гісторыю; па-за горадам няма каго вучыць; не пэнсіянэры ж нараджаюць. На дзесяць маладых фэрмэраў выпадае адна дзяўчына, тая, якая ня здолела шмыгануць на маднастройныя тратуары. Цікава, што жаночы род больш шукае легкахлебнасьці, сытнага замужжа. Інстынкт гнязда? — нарадзіць, выкарміць, апрануць, выхаваць, даць пэрспэктыву.
Падобны заняпад вёскі як постфэўдальнай структуры, прыкладам, у Францыі прыканцы яшчэ ХІХ ст. выклікаў дэмаграфічную анамалію ў мэгаполісах; у Парыжы выпадала амаль паўтары паненкі на аднаго кавалера. Вядома, набылі папулярнасьці разводы; статыстычны француз жэніцца два-тры разы, гадуе адно-двое дзяцей. Лік насельніцтва не павялічваец Чамусьці не заўважаем, што паняцьце этнічных межаў стаецца
анахранізмам. Абсягі нацыі пачынаюць вызначаць гарады і палітычныя мапы. На ўсход ад Беластоку дзяржаўная мяжа зь Беларусяй на саракавым кілямэтры ўсё лясамі, у якіх толькі дзе-нідзе зарастаючыя бярозкамі вёскі, існуючыя пакуль што на турыстычных картах, з даўгавечнымі ў іх бабулькамі, што сядзяць пад паваленымі платамі ў гушчавінах бэзу ў некалі дзявочых агародчыках. “Нашы ўкраінцы” тым часам парасьсядаліся на пасадах, утвораных ім у рамках нацыянальнай палітыкі польскай дзяржавы, і як бы аціхлі задаволеныя. Скутак ад іхнай акцыі прыблізна такі, як ад нашумелага на Палесьсі ўтварэньня палескай нацыі.
Праміне два-тры пакаленьні, і будзе ў нас тое, што на Захадзе: пару працэнтаў земляробаў-фабрыкантаў збожжа ды мяса і пад сто працэнтаў гарадзкога-мяшчанскага натоўпу, пульсуючага ў артэрыях камунальнага арганізму. Эпоха этнічных нацыяў аганізуе разам зь сялянствам. Насоўваецца эпоха нацыянальных дзяржаваў з палітычнымі нацыямі.
У такім гістарычным кантэксьце т. зв. украінскі рух у Беластоцкім краі выклікае ўсяго лябараторную цікавасьць. Не да канца яснае, з кім маем дачыненьне — са шчырымі ўкраінцамі ці з “прафэсійнымі ўкраінцамі”, што жывуць з украінства?
Кінець.